ЦЭНТР ТУРЫ́ЗМУ І КРАЯЗНА́ЎСТВА НАВУЧЭ́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ рэспубліканскі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,
інструкцыйна-метадычны і арганізац.-масавы цэнтр па турысцкай і краязнаўчай рабоце са школьнікамі, навучэнцамі ПТВ, сярэдніх спец. навуч. устаноў, студэнтамі ВНУ. Створаны ў 1953 у Мінску як Рэсп. дзіцячая экскурсійна-турысцкая станцыя, з 2000 сучасная назва. Каардынуе дзейнасць 55 абл., гар. і раённых пазашкольных устаноў турысцка-краязнаўчага профілю, культ.-асв. і выхаваўчую дзейнасць 1200 грамадскіх музеяў устаноў адукацыі. Рыхтуе і выдае метадычныя матэрыялы, даведнікі, распрацоўвае экскурсійна-турысцкія маршруты, нарматыўныя дакументы па арганізацыі і правядзенні турысцка-краязнаўчай работы з навучэнцамі, павышае кваліфікацыю педагогаў па адпаведным профілі, прымае экскурсійныя групы на турысцкай базе цэнтра. Штогод праводзіць рэсп. турысцкія злёты, спаборніцтвы па пешаходным, веласіпедным і водным турызме, спарт. арыентаванні і скалалажанні, палявыя палатачныя турысцкія лагеры і інш. Ініцыятар правядзення Усебел. турысцка-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў «Наш край». У гуртках цэнтра займаецца каля 1200 навучэнцаў.
С.С.Мітраховіч.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)